Прадмова

Усё больш глыбокім становіцца ўсведамленне ў кожнага беларуса, што без нацыянальнай памяці, без сваёй самабытнай культуры, без мовы любы народ, як дрэва без каранёў, пазбавіцца магчымасці незалежнага, свабоднага развіцця.
Таму шырыцца рух за адраджэнне мовы і нацыянальных традыцый беларускага народа.
Наша спадчына з'яўляецца той крынічкай, адкуль заўсёды чэрпае наш народ сілы свае, бо гэта нашы вытокі. Забудзеш іх — і збяднее твая душа, страціш сувязь з роднай зямлёй, як тое дрэва, у якога абсеклі карані.
Выміраюць вёскі. Уходзяць людзі. Вось так знікаюць многія народныя песні, легенды, розныя рэчы. Дык няўжо мы можам страціць і нашу спадчыну, а разам з ёй нашу памяць? Але, нашчасце, ёсць людзі, якія аддаюць усе сілы сваёй душы, увесь свой энтузіязм на тое, каб захаваць беларускія традыцыі, сабраць і зберагчы народныя вырабы, каб данесці да сэрцаў людскіх здабыткі беларускай нацыянальнай культуры.
«Музей сялянскага побыту» мае на мэце даць магчымасць пазнаёміцца з асноўнымі аспектамі жыццядзейнасці беларусаў ад старажытных часоў да нашых дзён, іх матэрыяльнай і духоўнай культурай.
Матэрыялы прысвечаны духоўнай культуры беларусаў: народнаму светапогляду, народным ведам у галіне медыцыны і інш., абрадам, звычаям і традыцыям, вераванням, мове і вуснапаэтычнай творчасці, народнаму мастацтву (выяўленчаму, прыкладному, тэатральнаму, харэаграфічнаму, музычнаму і інш.).
Пэўная колькасць артыкулаў прысвечана сям’i, шлюбу, сямейным адносінам, сямейнаму звычаёваму праву, ступеням сваяцтва, сямейным, вясельным абрадам. Гэта тэматыка цесна звязана з грамадскім жыццём народа, у тым ліку з такімі з'явамі грамадскага жыцця, якія ўжо зніклі або знікаюць. Падрабязна разглядаюцца роля абшчынных адносін у мінулым, рэгуляванне адносін насельніцтва вёскі і розных сацыяльных груп горада ў пэўныя гістарычныя перыяды.
Зборнік мае і матэрыялы, якія можна ўжываць на занятках па гісторыі, літаратуры, а таксама і на пазакласных занятках.
Удзельнікі музея арганізоўваюць літаратурна – музычныя вечары, адраджаюць традыцыйныя святы беларусаў, займаюцца асветніцкай работай, якая прысвечана юбілейным датам і неардынарным падзеям гісторыі  нашай краіны.
Звяртаем увагу на тое, што раздзелы зборніка з'яўляюцца своеасаблівай энцыклапедыяй мастацкіх матэрыялаў для таго ці іншага свята. У іх ёсць грунтоўныя ўступныя артыкулы, дзе раскрываецца гісторыя паходжання і змест святаў, даецца гісторыя іх вывучэння, аналізуецца бібліяграфія аб іх, дадзены мерапрыемствы ліцэя па адраджэнні свят  і абрадаў продкаў і мастацкае напаўненне, сутнасць.
Увасабленне, адраджэнне ці нават рэканструкцыя таго ці іншага свята справа нялёгкая. Перш-наперш трэба ўважліва вывучыць літаратуру і назапашаны тэкставы, меладыйны, інструментальны і харэаграфічны матэрыял да свята.
Будзе добра, калі самі навучэнцы, будучыя ўдзельнікі свята, засвояць святочныя песні, пабачаць абрад у выкананні сваіх бабуль і дзядоў, запішуць іх апавяданні, успаміны.
Святкаваць лепш за ўсё ў той час, калі свята стаіць у народным календары. Тады ствараецца адпаведны святочны настрой. Асабліва гэта тычыцца Вялікадня, Ваджэння куста, Каляд Шчодрыка і іншых свят, калі адбываецца абход двароў, хат з віншавальна-велічальнымі песнямі. Нават ва ўмовах гарадскога урбанізму такія святы ператвараюцца ў сапраўдныя тэатралізаваныя вясёлыя дзеі са спевамі, танцамі, жартамі.
Маюць права на існаванне і заслугоўваюць падтрымкі ўсе іншыя інтэрпрэтацыі святаў, сярод якіх найбольш папулярным стала перанясенне святаў на сцэну (гэта конкурсы мастацкай самадзейнасці, ярмаркі і г.д.) Але ў такіх выпадках недапушчальна мастацкае спрашчэнне, уніфікацыя, скажэнне, парадыраванне, фальсіфікацыя нацыяналь­най самабытнасці. Прынцып народнай адпаведнасці, існасці, сапраўднасці, рэгіянальнай непаўторнасці пры адраджэнні свята павінен быць вытрыманы ў першую чаргу ў яго мастацкай сутнасці — спевах, музыцы, танцах, вопратцы, абрадавай атрыбутыцы, мове, паводзінах і т.п.
На глебе народных святаў узніклі і выдатна развіліся смехавая культура, тэатралізацыя, пераапрананне, ужыванне масак, парадыраванне, гратэск, шаржыраванне, жартоўныя дзеянні, песні, танцы, гумарыстычная інтэрпрэтацыя паводзін людзей, жывёл. Паўнацэннае выкарыстанне жыццесцвярджальных інтанацый смехавой святочнай культуры надае святам характар вясёлага тэатра жыцця, карнавалаў, за што, напрыклад калядныя святы называюць "Крывымі вечарамі".
У нашым ліцэі адраджэнне нацыянальнай культуры ўскалыхнула цікавасць да фальклору, народных святаў і абрадаў. Навучэнцы з радасцю, энтузіязмам і ахвотай удзельнічаюць у народных святах. Гэта, як правіла, выхаваныя, сціплыя, таленавітыя і натуральныя ў паводзінах хлопчыкі і дзяўчынкі. Удзел у народных святах, дотык да фальклору для іх становіцца крыніцай выключнай прыгажосці, маральнага здароўя, якая светлым духоўным адбіткам асвечвае чыстыя душы, упрыгожвае іх унутраным светам.
Свята, як стан душы, ствараецца шматлікімі прысвяткамі, пастамі, падрыхтоўкай да яго фізічна, духоўна і эстэтычна. Адзначаюцца тыя ці іншыя моманты ў стане прыроды ці ў асабістым жыцці, рыхтуецца святочны мастацкі матэрыял, атрыбутыка, маскі, развучваюцца, пераймаюцца ад старэйшых знаўцаў свята песні, танцы, карагоды. У выніку стан душы чалавека, іх эмацыянальна-псіхалагічная існасць рас­крыты насустрач святу, чакаюць і ўспрымаюць яго.
I гэтага можна дасягнуць ва ўмовах ліцэя, калі падрыхтоўчыя дзеянні да свята зрабіць часткай паўсядзённага жыцця: культываваць народную святочную культуру канстатацыяй тых ці іншых змен у календары прыроды, адзначаць прысвяткі і, самае галоўнае, — авалодваць эстэтыкай святочнай культуры: спевамі, карагодамі, засваеннем святочных дзеянняў, падрыхтоўкай святочнай атрыбутыкі і г. д
Дапамагчы выхавальніку ва ўсёй гэтай падрыхтоўчай рабоце — мэта гэтага зборніка. Ён пабудаваны ў адпаведнасці з нацыянальнай самабытнасцю беларускага святочнага календара
Даецца сціплая агульная характарыстыка святаў у іх сукупнасці, аналізуюцца асаблівасці іх мастацкіх сродкаў, жыццё якім дала тая ці іншая пара года, стан прыроды характарызуецца адпаведнай свя­точнай песеннай музыкай, харэаграфіяй, атрыбутыкай.
Асобныя раздзелы прысвечаны самым значным і найбольш самабытным святам беларусаў. Агульнае разуменне месца свята ў календары і ў жыцці людзей дапаўняецца апісаннямі найбольш цікавых момантаў, рытуалаў, дзеянняў у час таго ці іншага свята, якія ўзяты са шматлікіх крыніц.
У кожным выпадку як мага шырэй рытуальныя дзеянні ілюструюцца адпаведнымі мастацкімі творамі, апісаннямі святочных забаў, карагодаў, гульняў. Асаблівая ўвага аддадзена сучасным інтэрпрэтацыям святаў.
Усе выдатныя людзі культуры адносіліся да народнага свята, песні, музыкі, як да святыні, як вернік адносіцца да свайго храма. Таму будзем шчыра прасіць кожнага беражна адносіцца да святыні народнай культуры, рыхтаваць кожнае свята непаўторным, з захаваннем усіх прыгожых жывых яго парасткаў, мясцовых асаблівасцяў, заўсёды прыгожа, па-свойму, адпаведна здольнасцям і ўзросту моладзі як мага больш натуральных умовах і блізкай да народнай форме.
I, можа, самае важнае, — на ім не павінна быць гледачоў, а толькі ўдзельнікі, якія імправізуюць, творча развіваюцца, саўдзельнічаюць у стваральнай плыні, суперажываюць, — адным словам, святкуюць і душой і целам: "Каб прыгожыя думкі мелі, каб прыгожыя песні пелі!"

Мы імкнуліся перш за ўсё даць па магчымасці поўнае апісайне асноўных святаў, а таксама прывесці адпаведныя фальклорныя тэксты, якія б маглі знайсці практычнае выкарыстанне ў адраджэнні самабтнай культуры беларусаў. Пры гэтым аўтары не ставеілі прад сабой задачу паглыбленага, уласна навуковага аналізу паходжання і структуры народных свят: галоўным для сябе яны лічылі іх папулярызацыю праз наказ таго, як гэтыя святы адзначалі яшчэ не так даўно нашымі продкамі, якім багатым, паэтычным было светаўспрыманне. Прадметам асобнай, самастойнай работы павінны стаць метадычная распрацоўка і рэкамендацыі па вывучэнні звестак аб святах народнага календара.

Формы адраджэння:

    • Святы (Дзяды, Масленіца)
    • Традыцыі (Дажынкі)
    • Абрады (Зажынкі)
    • Заняткі (бел.літаратура, мова, гісторыя)
    • Пазакласныя мераемствы (гульня “Зямля пад белымі крыламі і г.д.)
    • Конкурсы мастацкай самадзейнасці (сцэнарыі)
    • Лекцыі
    • Канферэнцыі
    • Творчыя заданні
    • Заняткі гуртка
    • Выставы дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва(справасдача)

    У гэтым раздзеле будзе разгледжана духоўная культура нашага народа.